ЧЭ́РСКАГА ХРЫБЕ́Т, ланцугі Чэрскага,

горная сістэма ў Рэспубліцы Саха (Якуція) і Магаданскай вобл.

Расіі. Распасціраецца ад ніжняга цячэння р. Яна да вярхоўяў р. Калыма на 1500 км, шыр. да 400 км. Гал. хрыбты: Хадаранья, Тас-Хаяхтах, Чэмалгінскі, Курундзя, Чыбагалахскі, Баронг і інш. Найвыш. г. Перамога (3147 м). Утвораны сістэмай асобных хрыбтоў, масіваў, пласкагор’яў і міжгорных упадзін-грабенаў. Пераважаюць сярэдневышынныя горы. Найб. ўпадзіны Мома-Селеняхская, Туастахская. Горная сістэма складзена з метамарфічных парод пратэразою і ніжняга палеазою, сланцаў і пясчанікаў мезазою, прарваных інтрузіямі юрскіх гранітаў. Больш за 350 ледавікоў, агульная пл. 157 км²; формы мярзлотнага рэльефу. Радовішчы золата, волава, кам. вугалю. Схілы гор укрыты лістоўнічнай тайгой. Вышэй мяжы лесу (650 м на Пд, 250—400 м на Пн) пояс кедравага сланіку, хмызняковай вольхі, горнай тундры; на вяршынях найб. высокіх хрыбтоў камяністыя пустыні. У далінах рэк гаі з таполі і чазеніі. Хрыбет названы ў гонар І.​Дз.Чэрскага.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)